Рэвалюцыйнае ліхалецце 1917–1920 гг. стала сур’ёзным выпрабаваннем для архіўных устаноў, размешчаных на тэрыторыі Беларусі. Тым не менш менавіта ў гэты час былі закладзены асновы працы айчыннай архіўнай галіны.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. прывяла да ліквідацыі старога дзяржаўнага апарата і мноства арганізацый. Гэтыя шмат у чым бескантрольныя працэсы, а таксама ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі і перыядычная змена палітычнай улады сталі прычынай гібелі вялікай колькасці дакументаў, якія спальваліся, выкарыстоўваліся для бытавых патрэб, адпраўляліся на папераробныя прадпрыемствы і г. д. Асабліва моцна пацярпелі архівы валасных і павятовых устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, а таксама прыватнаўласніцкія дакументальныя зборы.

Новая ўлада хутка ўсвядоміла неабходнасць цэнтралізацыі дзяржаўнага кіравання архівамі: 1 студзеня 1919 г. была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ), а ўжо 30 студзеня 1919 г. Камісарыят асветы Часовага рабоча-сялянскага ўрада выдаў Дэкрэт «Аб перадачы культурных каштоўнасцей навукі і мастацтва, якія знаходзяцца ў маёнтках і розных установах Камісарыяту па асвеце і аб арганізацыі іх уліку, аховы і збору». Сярод іншага пад юрысдыкцыю Наркамасветы патрапілі і архівы.

Пры гэтым варта адзначыць, што з прычыны выкліканых ваенна-палітычнымі падзеямі тэрытарыяльных змен у архіваў заходняй і ўсходняй частак Беларусі былі розныя цэнтральныя ўстановы. Пасля акупацыі заходніх рэгіёнаў Беларусі польскімі войскамі была створана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі (Літбел), урад якой 13 сакавіка 1919 г. прыняў Дэкрэт «Аб цэнтралізацыі архіўнай справы». Меркавалася, што для кіравання Цэнтральным архівам у Вільні будзе заснавана Архіўная калегія з прадстаўнікоў Наркамасветы, Археалагічнай камісіі і загадчыка архіва, а для тэрыторыі былой ССРБ ствараўся архіў у Мінску. Аднак непрацяглы перыяд існавання Літбела не дазволіў рэалізаваць палажэнні Дэкрэта на практыцы.

У той жа час у Віцебскай і Магілёўскай (з красавіка 1919 г.  – Гомельскай) губернях, уключаных у сярэдзіне студзеня 1919 г. у склад РСФСР, дзейнічалі распараджэнні расійскіх органаў улады. Згодна з Дэкрэтам Савета Народных Камісараў РСФСР ад 1 чэрвеня 1918 г. «Аб рэарганізацыі і цэнтралізацыі архіўнай справы ў РСФСР» для кіраўніцтва сеткай дзяржархіваў было створана Галоўнае ўпраўленне архіўнай справай пры Наркамасветы РСФСР. Дэкрэт прадугледжваў перадачу ўсіх дакументаў урадавых устаноў на дзяржаўнае захоўванне. Упаўнаважаным па Магілёўскай губерні быў прызначаны Д.І. Даўгяла, па Віцебскай – Б. Р. Брэжга. У жніўні 1919 г. былі створаны губернскія абласныя ўпраўленні, якія сталі першымі архіўнымі органамі на ўсходняй тэрыторыі Беларусі. Аднак іх работа не была рэгламентавана нарматыўнымі актамі і не падмацоўвалася матэрыяльнай падтрымкай Галоўархіва РСФСР.

На тэрыторыі ССРБ работа па арганізацыі дзяржаўных архіваў пачала праводзіцца ў Мінску з вясны 1920 г. Пры пададдзеле аховы помнікаў даўніны і мастацтва аддзела мастацтваў Наркамасветы 15 красавіка 1920 г. была створана Архіўная секцыя, якую ўзначаліў М.П. Шкляеў.

Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх войскаў 31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне ССРБ. Ужо 23 студзеня 1921 г. было прынята Пастанаўленне СНК, паводле якога ўсе мясцовыя аддзелы народнай асветы павінны былі браць на ўлік архівы, забяспечваць іх захаванасць і г. д. У аснову дадзенага дакумента быў пакладзены падрыхтаваны М.П. Шкляевым у пачатку студзеня таго ж года праект Дэкрэта «Аб ахове архіўных матэрыялаў на тэрыторыі ССРБ».

Наступным важным крокам у напрамку цэнтралізацыі кіравання архівамі стала стварэнне 27 чэрвеня 1921 г. у структуры Наркамасветы вышэйшага адміністрацыйнага навуковага органа – Акадэмічнага цэнтра. У яго ўвайшлі Навукова-тэрміналагічная камісія, Мінскае таварыства гісторыі і старажытнасцей, пададдзел аховы помнікаў мастацтва і даўніны. 17 жніўня 1921 г. у складзе цэнтра была створана Архіўная камісія. Яе старшынёй стаў У.І. Пічэта, намеснікам – А.А. Савіч, навуковым сакратаром – М.М. Гуткоўскі, членам камісіі – М.П. Шкляеў.

Нягледзячы на даволі шырокія паўнамоцтвы Архіўнай камісіі, установы часта ігнаравалі яе рашэнні, што прыводзіла да канфліктных сітуацый. У выніку быў распрацаваны праект Пастанаўлення аб перадачы архіўнай справы ў распараджэнне ЦВК БССР, які быў прыняты 4 жніўня 1922 г.

Кіруючы орган упраўлення беларускімі архівамі быў створаны 12 верасня 1922 г. Пастанаўленнем Прэзідыума ЦВК ССРБ «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі і каштарыса на яго выдаткі». Ліквідаваліся ўсе ведамасныя архівы ўрадавых устаноў, а справы і дакументы, якія захоўваліся ў іх, былі аб’яднаны ў Цэнтрархіў – адзіны дзяржаўны архіўны фонд Беларусі. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах новы орган пераходзіў у распараджэнне ЦВК і толькі ў парадку навуковай працы падпарадкоўваўся Інспекцыі навуковых устаноў Наркамасветы. На месцах ствараліся павятовыя аддзелы Цэнтрархіва, якія, знаходзячыся ў распараджэнні выканкамаў, падпарадкоўваліся дырэктывам Цэнтрархіва. Першым загадчыкам Цэнтрархіва быў прызначаны Д.Ф. Жылуновіч. Дата 12 верасня 1922 г. лічыцца афіцыйным днём стварэння архіўнай службы ў Беларусі.

Пасля стварэння Цэнтрархіва і яго павятовых аддзяленняў пачалася цэнтралізаваная работа па выяўленні, уліку і перадачы ў Дзяржаўны архіўны фонд губернскіх, павятовых, валасных, прыватных і іншых архіваў. Усе архіўныя справы перадаваліся і выкарыстоўваліся ў адпаведнасці з распрацаванай Цэнтрархівам і зацверджанай Прэзідыумам ЦВК ССРБ 13 снежня 1922 г. інструкцыяй «Аб парадку перадачы ў цэнтральны Дзяржаўны архіўны фонд Беларусі і яго павятовыя аддзелы архіўных спраў і папер і аб парадку знішчэння іх». Гэты дакумент заклаў асновы камплектавання айчынных архіўных фондаў.

Пасля таго як у 1924 і 1926 гг. у склад БССР былі ўключаны беларускія паветы Віцебскай і Гомельскай губерняў, на тэрыторыі рэспублікі правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу – замест губерняў і паветаў ствараліся акругі і раёны. 11 красавіка 1927 г. была прынята Канстытуцыя БССР.

У новых умовах сістэма, пры якой Цэнтрархіў сумяшчаў функцыі і органа кіравання архіўнай справай, і адзінага цэнтральнага дзяржархіва, станавілася неактуальнай. У мэтах яе рэфармавання былі прыняты два важныя дакументы: Палажэнне «Аб Адзіным дзяржаўным архіўным фондзе БССР» (28 мая 1927 г.) і Палажэнне «Аб Цэнтральным архіўным упраўленні БССР і яго органах» (9 снежня 1927 г.). У выніку Цэнтрархіў быў пераўтвораны ў Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне (ЦАУ) пры Прэзідыуме ЦВК БССР. У той жа час для захоўвання дакументаў цэнтральных органаў савецкай улады быў створаны Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦАКР) БССР. Захоўваліся і акруговыя архівы. Першым загадчыкам ЦАУ БССР стаў Д.Ф. Жылуновіч. У 1929–1935 гг. архіўнай службай кіраваў А.Р. Ёдка, у 1936–1938 гг.  – А.С. Град.

10 красавіка 1929 г. ЦВК і СНК СССР прынялі Пастанаўленне «Аб Цэнтральным архіўным упраўленні СССР». У кампетэнцыю новага органа ўваходзіла загадванне архіўнымі фондамі агульнасаюзнага значэння. У кастрычніку таго ж года ЦАУ СССР зацвердзіла інструкцыю, якая адмяняла і прыпыняла пастанаўленні архіўных упраўленняў саюзных рэспублік, калі яны супярэчылі агульнасаюзнаму заканадаўству і дырэктывам Цэнтральнага ўпраўлення. Канчаткова кіраўніцтва архівамі перайшло ў агульнасаюзныя структуры ў сакавіку 1941 года, калі быў створаны адзіны саюзны дзяржаўны архіўны фонд.

Пасля прыняцця 15 кастрычніка 1930 г. новага Палажэння аб архіўным упраўленні БССР змяніліся ўмовы выкарыстання архіўных дакументаў і парадак доступу да іх. У прыватнасці, з’явілася паняцце «сакрэтны дакумент». Таксама ўводзіліся абмежаванні на выкананне запытаў сацыяльна-прававога характару, а замежнікаў сталі дапускаць да архіўных дакументаў толькі з дазволу ўпаўнаважанага Наркамата па замежных справах СССР пры СНК БССР.

У кастрычніку 1930 г. рэспубліканская архіўная сетка была рэарганізавана: створаны Віцебскае (з 1933 г. – Паўночна-Беларускае), Гомельскае (з 1933 г. – Паўднёва-Беларускае) і Магілёўскае (з 1933 г. – Усходне-Беларускае) аддзяленні ЦАУ. Ва ўмовах вельмі напружанай знешнепалітычнай абстаноўкі былі прыняты меры па засяроджванні архіўных дакументаў у аддаленых ад заходняй мяжы рэгіёнах. У 1930 г. пачалося перамяшчэнне фондаў ЦАКР з Мінска ў Магілёў, туды ж была перавезена частка дакументаў ліквідаванага Мінскага акруговага архіва. Дакументы з ліквідаваных акруговых архіваў перадаваліся ў міжраённыя: з Бабруйскага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага – у ЦАКР, з Віцебскага і Полацкага – у Віцебскі архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі, з Гомельскага і Мазырскага – у Гомельскі архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі (ён размяшчаўся ў Навабеліцы – прыгарадзе Гомеля). Пры ЦАКР быў арганізаваны архіў кінафільмаў. У Мінску застаўся гістарычны архіў. Са снежня 1935 г. пачалося стварэнне раённых архіваў.

1 красавіка 1936 г. Паўночна-Беларускае і Паўднёва-Беларускае аддзяленні ЦАУ былі ліквідаваны, а мясцовыя міжраённыя архівы пераўтвораны ў аддзяленні ЦАКР БССР. У гэты час у дзяржархівах было каля 5 млн адзінак захоўвання.

Пасля таго, як у 1938 г. у БССР было ўведзена абласное дзяленне, пры кожным аблвыканкаме былі створаны мясцовыя архіўнае ўпраўленне і архіў. Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі быў перайменаваны ў Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦДАКР БССР). Пры ім быў аддзел фотакінадакументаў. У тым жа годзе ў Магілёве ўтвораны Цэнтральны гістарычны архіў, які стаў месцам засяроджвання ўсіх дакументаў да 1917 г.

У 1930-я гг. архіўным установам рэспублікі не ўдалося пазбегнуць кадравых чыстак, якія суправаджаліся звальненнямі і арыштамі работнікаў. У студзені 1938 г. кіраўніцтва ЦАУ БССР нездавальняюча ацаніла стан галіны ў рэспубліцы. Архівісты былі абвінавачаны ў сабатажы, невыкарыстанні архіваў для «патрэб сацыялістычнага будаўніцтва», прадастаўленні доступу да архіўных матэрыялаў «ворагам народа для выкарыстання ў сваіх мэтах у контррэвалюцыйнай барацьбе».

Тады ж рэзка ўзрасла цікавасць да архіўных дакументаў з боку Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС), судовых, следчых органаў і пракуратуры. У 1938 г. архіўныя ўстановы перайшлі ў распараджэнне НКУС, а само ЦАУ СССР было пераўтворана ў Галоўнае архіўнае ўпраўленне НКУС СССР. У падпарадкаванне Наркамата ўнутраных спраў увайшла і архіўная сетка Беларусі: ЦАУ БССР было пераўтворана ў Архіўны аддзел НКУС БССР, абласныя архіўныя ўпраўленні – у архіўныя аддзяленні абласных упраўленняў НКУС. Куратарам галіны прызначаўся намеснік наркама НКУС БССР.

Акрамя таго, у сувязі з ліквідацыяй Гістпарта Цэнтральны партыйны архіў перайшоў у падпарадкаванне ЦК КП(б)Б. Так сфарміравалася паралельная архіўная сістэма КПБ(б), якая ўключала Цэнтральны партыйны архіў і створаныя ў сакавіку 1940 г. абласныя партархівы.

У верасні 1939 г. да БССР была далучана Заходняя Беларусь, на тэрыторыі якой з пачатку 1940 г. пачалі дзейнічаць Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі і Пінскі абласныя архівы. У Мінск перавезлі дакументы былога Віленскага архіва старажытных актаў (каля 1,3 млн спраў).

29 сакавіка 1941 г. Саўнаркам СССР прыняў «Палажэнне аб Дзяржаўным архіўным фондзе СССР». Згодна з гэтым дакументам, у архіўнай сетцы БССР функцыянавалі: Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (ЦДАКР БССР) у Мінску і яго філіял у Магілёве, Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР (ЦДГА БССР) у Магілёве і яго філіял у Гродна, Цэнтральны дзяржаўны архіў кінафотадакументаў БССР (ЦДАКФД БССР) у Мінску, 10 абласных дзяржархіваў, гарадскія, раённыя і акруговыя дзяржаўныя архівы. Усяго ў дзяржархівах на пастаяннай аснове захоўвалася больш за 7,5 млн спраў, у раённых архівах з пераменным складам дакументаў –  яшчэ каля 6 млн спраў. Таксама прыкладна 7 млн спраў захоўвалася ў ведамасных архівах.

Далейшай рэалізацыі планаў па развіццю архіўнай справы ў рэспубліцы перашкодзіла вайна.