У першыя пасляваенныя гады перад беларускімі архівамі стаялі задачы па аднаўленні сеткі сваіх устаноў і вяртанні як вывезеных акупантамі на Захад, так і эвакуіраваных за Урал дакументальных збораў. Праца па прывядзенні ў парадак уцалелых дакументаў патрабавала ад архівістаў вялікіх намаганняў.

У цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі прымаліся захады па камплектаванні фондаў дзяржархіваў. З Магілёва ў Мінск былі перавезены фонды ЦДАКР. Акрамя рээвакуіраваных з Рыгі ў 1945 г. 50 тыс. спраў, архіў прыняў на захоўванне дакументальныя матэрыялы акупацыйных органаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1947 г. пасля праведзенай у ЦДГА БССР навукова-тэхнічнай апрацоўкі з Магілёва перавезлі яшчэ 30 тыс. спраў.

Таксама быў значна ўзбуйнены ЦДГА БССР. У 1947 г. з дзяржархіва Гомельскай вобласці паступілі фамільны фонд князя Паскевіча-Эрыванскага, фонды гомельскіх паветавых і гарадскіх устаноў, гомельскага валаснога кіравання і інш. Больш за 200 тыс. адзінак захоўвання ў 1948 г. было перададзена з архіва Віцебскай вобласці.

Пашырылася дакументальная база філіяла ЦДГА ў Гродна. У 1952 г. Цэнтральны дзяржаўны архіў старажытных актаў СССР перадаў судовыя акты часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама 10 друкаваных кніг XVI–XVIII стст. З ЦДГА СССР паступіла каля 30 тыс. адзінак захоўвання, датаваных тым жа перыядам.

У 1954 г. ЦДА Літоўскай ССР перадаў сваім беларускім калегам больш за 1600 актавых кніг і спраў. Шэраг дакументальных матэрыялаў паступіў з ЦДА Латвійскай ССР, а таксама архіваў Смаленскай, Тамбоўскай, Тульскай і Вялікалуцкай абласцей РСФСР. Асабліва актыўна работа па выяўленні матэрыялаў у савецкіх і замежных архівах вялася ў перыяд святкавання 40-годдзя ўтварэння БССР.

Адначасова ішоў і адваротны працэс перадачы дакументаў з архіваў Беларусі ў цэнтральныя архівы СССР і саюзных рэспублік. У Цэнтральны дзяржаўны архіў старажытных актаў СССР былі перададзены скарбавыя акты Вялікага Княства Літоўскага, у ЦДГА Літоўскай ССР – дакументы Літоўскай скарбавай камісіі і Галоўнага літоўскага трыбунала, частка фондаў канцылярыі Віленскага генерал-губернатара і Віленскага ваеннага губернатара і інш., у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР – матэрыялы былых заходніх абласцей Беларусі і г. д.

Работы па ўпарадкаванні архіўных дакументаў актывізаваліся з прыняццем 14 ліпеня 1949 г. Саўмінам БССР Спецпастанаўлення «Аб мерапрыемствах па ўпарадкаванні дакументальных матэрыялаў Дзяржаўнага архіўнага фонду БССР». Навукова-тэхнічную апрацоўку прайшло больш за 1 млн адзінак захоўвання і 20 тон дакументальнага россыпу. Аднак для больш хуткага ўводу дакументаў у навуковае абарачэнне гэтыя работы праводзіліся па скарочаным цыкле, таму часта лісты ўнутры спраў не сістэматызаваліся, не ўдакладняліся храналогія і загалоўкі спраў і г. д.

Паралельна адбываліся змены ў сістэме рэгіянальных архіваў. Яны былі выкліканы рэфармаваннем абласнога дзялення БССР, якое працягвалася да 1960 года. Так, па савецка-польскай дамове ад 16 жніўня 1945 г. да Польшчы адышла Беластоцкая вобласць. Усе размешчаныя на яе тэрыторыі архівы перайшлі ў падпарадкаванне польскай архіўнай службы, у БССР былі вывезены толькі фонды савецкіх дзяржаўных і партыйных органаў, а таксама дзяржаўных і кааператыўных прадпрыемстваў.

У верасні 1944 г. ўтвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобласці, у якіх арганізаваны архіўныя аддзелы і дзяржаўныя архівы абласцей. У гэты ж час з моцна разбуранай вайной Вілейкі цэнтр вобласці быў перанесены ў Маладзечна, куды былі перамешчаны і архіўныя ўстановы рэгіёна. У 1954 г. скасаваны Баранавіцкая, Бабруйская, Палеская і Полацкая вобласці, а іх абласныя архівы пераўтвораны ў гарадскія дзяржархівы з пастаянным складам дакументаў. Абласны архіў ліквідаванай Пінскай вобласці быў рэарганізаваны ў філіял дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У 1960 г. была скасавана Маладзечанская вобласць, а яе архіў атрымаў статус філіяла дзяржархіва Мінскай вобласці.

Пастанаўленнем Саўміна БССР ад 11 лістапада 1963 г. «Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР» былі ліквідаваны гарадскія і раённыя архівы, на базе якіх узніклі філіялы абласных дзяржархіваў. Гэта павысіла статус рэгіянальных архіваў і ў цэлым палепшыла іх становішча як у гаспадарча-адміністрацыйных, так і ў кадравым плане.

У пасляваенныя гады атрымала працяг тэндэнцыя да спецыялізацыі архіваў і засяроджвання дакументальных фондаў агульнарэспубліканскага значэння ў Мінску. У прыватнасці, ЦДГА БССР стаў месцам канцэнтрацыі дакументаў дакастрычніцкага перыяду. Толькі ў ЦДГА БССР у Гродна (гэты былы філіял атрымаў самастойнасць у 1960 г.) працягвалі захоўвацца дакументы XVIII–XIX стст. У 1960 і 1968 гг. у Мінску былі створаны яшчэ два спецыялізаваныя архівы – Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (з 1976 г. – Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ЦДАЛіМ БССР) і Цэнтральны дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (ЦДАНТД БССР).

Асаблівае месца сярод спецыялізаваных дакументасховішчаў займалі партархівы, якія былі уключаны ў структуру Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. На іх ускладаліся задачы па канцэнтрацыі, захоўванні і апрацоўцы матэрыялаў партыйных камітэтаў, камсамольскіх органаў і арганізацый, выкананні запытаў сацыяльна-прававога характару і інш. У 1955 г. у Партархіве ЦК КПБ і сямі абласных партархівах захоўвалася больш за 38 тыс. фондаў з 1,14 млн адзінак захоўвання. Яны размяшчаліся ў спецыяльных памяшканнях абкамаў парстыі. Да працы з дакументамі партархіваў дапускаліся толькі члены партыі пасля адпаведнага дазволу сакратароў Цэнтральнага ці абласных партыйных камітэтаў.

З сярэдзіны 1950-х гг. беларускія архівы пачалі паступова вяртацца да адкрытасці і публічнасці. Пачатак гэтаму працэсу быў пакладзены ў 1954 г., калі былі ліквідаваны гарадскія і раённыя аддзелы МУС БССР. Архівы, якія знаходзіліся ў іх падпарадкаванні, былі перададзены ў распараджэнне выканкамаў гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў працоўных. Пасля ХХ з’езда КПСС, які адбыўся ў 1956 г., пачалося масавае рассакрэчванне архіўных фондаў. Толькі за першыя два гады было рассакрэчана 224 тыс. спраў. Спрасціўся доступ да архіўных дакументаў. Архівісты сталі актыўна выступаць у прэсе, на тэлебачанні і радыё, разгарнулася публікацыйная і выставачная дзейнасць. Фонды архіваў выкарыстоўваліся беларускімі кінематаграфістамі пры здымцы мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце» (1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958) і інш.

Вызначальным для развіцця архіўнай справы Беларусі стала сумеснае Пастанаўленне ЦК КПБ і Саўміна БССР ад 31 сакавіка 1956 г. «Аб мерах па ўпарадкаванні рэжыму захоўвання і лепшым выкарыстанні архіўных матэрыялаў міністэрстваў і ведамстваў БССР». У ім былі абазначаны задачы, якія стаяць перад архівамі, у тым ліку па набыцці неабходных сродкаў для рэстаўрацыі дакументаў, забеспячэнні работы чытальных залаў шляхам публікацыі вопісаў, аглядаў несакрэтных архіўных фондаў, даведнікаў і г. д.

У мэтах выканання гэтага рашэння ў 1956 г. у складзе Архіўнага ўпраўлення МУС БССР была створана Цэнтральная лабараторыя па мікрафотакапіраванні і рэстаўрацыі дакументальных матэрыялаў цэнтральных дзяржаўных архіваў. Яе асноўнай задачай з’яўлялася забеспячэнне захаванасці архіўных дакументаў шляхам правядзення рэстаўрацыі, кансервацыі, дэзынфекцыі, вырабу фотакопій і мікрафотакопій, выкананне пераплётных работ. Таксама лабараторыя займалася вырабам мікрафотакопій для страхавога фонду дакументацыі (СФД), фарміраванне якога пачалося ў 1958 г. У 1965 г. лабараторыя была перададзена Цэнтральнаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў БССР на правах структурнага падраздзялення. У мэтах актывізацыі работ па захаванні архіўных дакументаў у лістападзе 1985 г. лабараторыя была пераўтворана ў Цэнтральную лабараторыю мікрафотакапіравання і рэстаўрацыі дакументаў цэнтральных дзяржаўных архіваў БССР і атрымала статус юрыдычнай асобы.

У 1950-х гадах беларускія архівісты пачалі выходзіць на міжнародную арэну. Гэтаму садзейнічала характэрнае для перыяду «адлігі» пашырэнне гуманітарных сувязей з замежнымі краінамі, а таксама статус БССР як члена ААН. 25 верасня 1956 г. Архіўнае ўпраўленне БССР уступіла ў Міжнародны савет архіваў (МСА) і прыняло ўдзел у працы III Фларэнтыйскага (1956), IV Стакгольмскага (1960), V Брусэльскага, VII Маскоўскага міжнародных кангрэсаў архіваў, а таксама круглых сталоў у Загрэбе (1957), Вісбадэне (1958) і Варшаве (1961). Афіцыйным прадстаўніком у МСА стаў А.І. Азараў, ён жа быў прызначаны спецыяльным карэспандэнтам часопіса Archivum ад БССР. У далейшым беларускія архівісты рэгулярна бралі ўдзел у кангрэсах і канферэнцыях пад эгідай МСА. Міжнародны вопыт у галіне навуковага выкарыстання дакументаў адыграў станоўчую ролю пры выпрацоўцы дзяржаўнымі органамі Беларусі палажэнняў аб публікацыйнай дзейнасці архіваў, укараненні сучасных тэхналогій па забеспячэнні рэжыму захоўвання дакументаў, падрыхтоўцы кадраў.

Найбольш значныя перамены ў арганізацыйнай структуры архіўных устаноў Беларусі адбыліся ў 1960 г. Сумесным Пастанаўленнем ЦК КПБ і Саўміна БССР ад 1 сакавіка 1960 г. Архіўнае ўпраўленне было выведзена з падпарадкавання МУС і пераўтворана ў Архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР, архіўныя аддзелы абласных упраўленняў унутраных спраў – у архіўныя аддзелы пры выканкамах абласных Саветаў дэпутатаў працоўных (з 1981 г. – народных дэпутатаў). Паводле зацверджанага ў 1962 г. Палажэння, Архіўнае ўпраўленне ажыццяўляла навуковае і арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва архіўнай справай у рэспубліцы і падпарадкоўвалася ў сваёй дзейнасці Саўміну. У 1972 г. АУ было пераўтворана ў Галоўнае архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР (Галоўархіў). Пры ім былі створаны дарадчыя органы: калегія, навуковая рада, метадычная камісія і Цэнтральная экспертна-праверачная камісія. Кіраваць Галоўархівам працягнуў А.І. Азараў. У 1974 г. яго змяніў У.В. Лашкевіч, які заставаўся на чале архіўнай службы да 1991 г.

Адной з самых надзённых праблем, што стаялі перад беларускімі архівамі, стала адсутнасць прыдатных для захоўвання дакументаў памяшканняў. Фармальна іх выдзяленне прадугледжвалася адным з пунктаў Спецпастанаўлення Саўміна БССР «Аб мерапрыемствах па ўпарадкаванні дакументальных матэрыялаў Дзяржаўнага архіўнага фонду БССР» ад 14 ліпеня 1949 г. Аднак ва ўмовах дэфіцыту матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гэта рашэнне было ажыццёўлена толькі часткова. Да 1956 г. толькі будынак ЦДАКР быў рэканструяваны з улікам усіх неабходных патрабаванняў. Для размяшчэння адных толькі раённых архіваў патрабавалася не менш за 40 будынкаў. Поўнамаштабнае будаўніцтва архіўных памяшканняў разгарнулася ў БССР у 1960-х гг. Толькі ў 1963 г. па тыпавых праектах былі пабудаваны два архіўныя будынкі ў Мінску і Віцебску. У наступныя гады былі ўведзены ў эксплуатацыю будынкі архіваў у Баранавічах (1970), Полацку (1974), Гомелі (1984), Магілёве і Пінску (1986), Мазыры (1990), ЦДАКР БССР у Мінску (1991).

У 1986 г. у Дзяржынску завяршылася будаўніцтва новага будынка і для Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў БССР. Па сваіх тэхнічных паказчыках ён з’яўляўся адным з найлепшых у СССР. Будаўніцтва будынка за межамі сталіцы і перамяшчэнне ў яго цэнтральнага дзяржархіва было абумоўлена тэхналагічнымі прычынамі. На той момант матэрыяльнай асновай большасці дакументаў, якія захоўваліся ў архіве, з’яўлялася кіна- і фотастужка на лёгкаўзгаральнай нітратнай аснове. Таму з меркаванняў пажарнай бяспекі было вырашана вынесці архіў за межы буйнога горада. Характэрна, што да тэрміну завяршэння будаўніцтва ўсе дакументы архіва былі пераведзены на плёнку на трыацэтатнай (негаручай) аснове, таму архіў мог працягваць працу ў Мінску, аднак змяніць раней прынятае рашэнне было ўжо немагчыма.

Пачынаючы з сярэдзіны 1980-х гг. на фоне няўдалых эканамічных рэформаў значна пагоршылася фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне архіўнай галіны. У савецкім грамадстве пачала агучвацца думка, што навука і культура павінны знаходзіцца на самазабеспячэнні. У гэтых умовах у 1989 г. Галоўархіў распрацаваў «Асноўныя палажэнні пераводу дзяржаўных архіваў БССР і іх філіялаў на новыя ўмовы гаспадарання». Архівы і раней выконвалі платныя работы і паслугі, аднак з гэтага моманту такі від дзейнасці стаў адным з прыярытэтных.

У 1988 г. Саўмін БССР прыняў Пастанаўленне, паводле якога Галоўархіў далучаўся да Міністэрства юстыцыі БССР на правах Архіўнага ўпраўлення. Адпаведна на месцах ліквідаваліся архіўныя аддзелы аблвыканкамаў. Аднак у выніку гэта рашэнне было адменена ўрадам у самым канцы таго ж года.

У перыяд цяжкага эканамічнага і палітычнага крызісу, які завяршыўся распадам СССР, беларускія архівісты працягвалі самааддана выконваць свае абавязкі перад дзяржавай і грамадствам. Іх вопыт і прафесіяналізм дазволілі практычна бязбольна перабудаваць старую архіўную сістэму для патрэб суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.